Святы і абрады беларусаў
Святы і абрады беларусаў.
Абрады — сукупнасць традыцыйных умоўных дзеянняў, што сімвалічна выражаюць і замацоўваюць адносіны людзей да прыроды і паміж сабой, іх паводзіны ў важных жыццёвых сітуацыях, якія сістэматычна паўтараюцца. Абрады — састаўная частка традыцыйна- бытавой культуры народа. Утрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Зарадзіліся ў першабытным грамадстве, калі людзі імкнуліся заклінаннямі ўздзейнічаць на незразумелыя з’явы прыроды.
Абрады былі звязаны з гаспадарчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі і падзяляліся на каляндарна-вытворчыя (земляробчыя, паляўнічыя, жывёлагадоўчыя, рыбалоўныя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзіныя, пахавальныя), грамадскія і царкоўныя.
Большасць беларускіх абрадаў старажытнага паходжання ўзніклі на агульнай усходне-славянскай глебе. Старажытная абраднасць ляжыць у аснове калядавання, масленіцы, шчадравання, абрадаў купальскай ночы і інш. Многія абрады звязаны з культам продкаў (дзяды, радаўніца), расліннасці.
Святы — сукупнасць звычаяў і абрадаў. Узніклі ў першабытным грамадстве. Былі звязаны з каляндарным (гуканне вясны, грамніцы) ці зямельнымі цыкламі. Падзяляюцца на рэлігійныя, сінкрэтычныя і безрэлігійныя. Рэлігійныя святы — царкоўныя, у прыватнасці хрысціянскія (раство Хрыстова). Сінкрэтычнымі святамі (мелі рэлігійныя і безрэлігійныя элементы) былі традыцыйныя каляндарная народныя святы (каляды, масленіца, купалле і інш.). Да безрэлігійнай часткі народных свят належылі шматлікія гульні, асабліва на каляды, масленіцу, купалле. У час народных свят спявалі народна-каляндарныя і сямейныя песні, выконвалі творы народнай харэаграфіі. У народна-каляндарных святах, асабліва ў калядах, ёсць элемент Народнага тэатра, а рэлігійныя элементы звязаны са старажытна абрадавымі дзеяннямі. Значная частка рэлігійных элементаў з’явілася пад уплывам царквы, якая да народных свят прымыкоўвала хрысціянскія (да каляд раство Хрыстова, да валачобнага свята — Вялікдзень, да купалля — свята Іаана Прадцеча). У другой палове 19 ст.- пачатку 20 ст. роля рэлігійных элементаў у народных святах паступова змяншалася. Некаторыя з іх, асабліва старыя абрадавыя дзеянні, сталі безрэлігійнымі тэатралізаванымі дзеяннямі, святочнай забавай.
Народныя беларускiя святы
Каляды (к. 25 снежня, п. 7 студзеня)
Калядныя святы пачыналіся з дня Божага Нараджэння — Раства. Калі першая зорка з’яўлялася на небе, уся сям’я садзілася за стол, засланы белым абрусам, пад які клалі сена. Стравы на стале былі посныя, абавязкова варылі куццю — кашу з круп. Запаліўшы свечку і памаліўшыся, пачыналі вячэраць. З гэтага дня па сяле хадзілі калядоўшчыкі — юнакі і дзяўчаты, пераапранутыя ў цыганоў, казу, жорава, кабылу. Калядоўшчыкі спявалі песні-калядкі, скакалі пад скрыпачку і бубен, у заключэнне выконвалі велічальную песню гаспадарам дома з самымі шчодрымі пажаданнямі, а ў адказ атрымлівалі пачастункі.
Грамніцы, альбо Стрэчанне (к. 2 лютага, п. 15 лютага)
Свята сустрэчы зімы і вясны. Якое надвор’е на Грамніцы, такая будзе і вясна. Пасля гэтага дня пачыналі рыхтавацца да работ у полі. У царкве ці касцёле асвячалі грамнічныя свечкі. Яны лічыліся ахоўнымі — гаспадар з дапамогай гэтых свечак «асвячаў» хату і ўсю гаспадарку, выпальваючы імі невялікія крыжыкі на дзвярах і варотах. Верылі, што грамнічныя свечкі ратуюць будовы ад удару маланкі. З грамнічнымі свечкамі тройчы абыходзілі свойскую жывёлу на свята Юр’я, іх запальвалі на засеўкі, з імі абыходзілі хаты на Іллю і Багача, сустракалі маладых на вяселлі, дзіцятка на радзінах, клалі ў руку нябожчыку, ішлі шукаць папараць-кветку на Купалле.
Гуканне вясны (з 14 сакавіка)
Першае вясновае свята. Дзяўчаты збіраліся на ўзгорках (каб было бліжэй да неба) і спявалі вяснянкі — песні, у якіх клікалі вясну. Вадзілі карагоды, спальвалі пудзіла зімы, як на Масленку. Падчас спеваў вяснянак і гукальных карагодаў дзяўчаты падкідвалі ўверх печыва ў выглядзе птушак — жаўрукоў, кулікоў, буслоў, што павінна было, як і спевы, хутчэй выклікаць надыход вясны.
Дабравешчанне, або Звеставанне (к. 25 сакавіка, п. красавіка)
Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень прыходзіць вясна. Гэта свята прылёту бусла і ластаўкі. Шчасціла таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць, а не стаіць. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі». Пасля абеду «гукалі вясну». Дзяўчаты збіраліся ля гумнаў і лазняў, забіраліся нават на стрэхі і спявалі вяснянкі. Разводзілі невялікія вогнішчы, вадзілі вакол іх «танкі» (карагоды). Гаспадыні пяклі печыва ў выглядзе птушак. У гэты дзень не дазвалялася працаваць.
Вербніца (апошняя перад Вялікаднем нядзеля)
У гэты святочны дзень у царкве ці касцёле асвячалі галінкі вярбы, неслі іх дадому і злёгку сцябалі імі дамашніх, перш за ўсё дзетак, і прыгаворвалі
Людзі верылі, што такім чынам чалавеку перадаецца моц і прыгажосць гэтага дрэва. Частку асвечаных галінак клалі за бажніцу, утыкалі ў сцены, вокны. На працягу ўсяго года асвячоныя галінкі вярбы выкарыстоўваліся: кожная гаспадыня выганяла на Юр’я сваю карову на пашу, злёгку сцябаючы па баках галінкай, з вербачкай селянін выходзіў засяваць поле, садзіць бульбу.
Вярбная галінка была патрэбная падчас першага грому. Каб не баяцца навальніцы, імкнуліся з’есці па адной пупышцы, а затым легчы на зямлю і перакуліцца. Пачуўшы грымоты, гаспадыня запальвала грамнічную свечку, а вербныя галінкі клала на падаконнік з таго боку, адкуль насоўваліся дажджавыя хмары.
Галінкі ніколі не выкідалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы, каб спаліць у печы і попел рассыпаць па градках.
Вялікдзень.
Гэтае свята лічыцца найвялікшым каляндарным святам. Яно складае выключную адметнасць, самабытнасць беларускага абрадава-святочнага каляндара.На гэта свята сутракалі Новы Год па сонечнаму календару. Святкавалася ў дзень вяснавога раўнадзенства. Потым стала перасоўным ад 4 красавіка да 8 мая. Апошняя нядзеля перад святам была Вербная нядзеля. У царкву заносілі галінкі вярбы, якія асвяшчалі святой вадой. Потым прынасілі дамоў і з’ядалі па аднаму пухірку, каб абараніцца ад маланкі, а рэшткі вярбы захоўвалі да наступнай Вербніцы.
Купалле.
.
У разгар лета ў Беларусі адзначаюць Купалле – адно з найстарадаўнейшых народных свят, прысвечаных сонцу і росквіту зямлі. Гэтае свята насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі. Сутнасць гэтага свята засталася некранутай да нашых дзён. Увасабленнем былі ачышчальныя вогнішчы, ачалавечаны вобраз жанчыны Купалы і нават яго дочкі. Сёння згодна з праваславным календаром свята адзначаюць у ноч з 6 на 7 ліпеня, каталіцкім – 24 чэрвеня.
З Купаллем звязана шмат дзіўных легенд і паданняў. У народзе верылі, што ў гэту ноч рэкі свецяцца асаблівым нерэальным святлом, а ў іх водах купаюцца душы памерлых у абліччы русалак. Па зямлі ходзяць ведзьмы, чарадзеі і духі, якія імкнуцца нашкодзіць чалавеку, расліны і жывёлы размаўляюць, а сонца на золку «гуляе».
Убачыць гэтыя цуды, зразумець мову звяроў і птушак можна з дапамогай кветкі папараці, якая зацвітае, згодна з павер’ямі, усяго на імгненне раз у год. Яна давала незвычайную здольнасць бачыць будучыню і знаходзіць усе схаваныя скарбы свету, але раздабыць яе мог толькі вельмі смелы чалавек. Пошук «папараць-кветкі» – адзін з самых таямнічых рытуалаў купальскай ночы.
Дажынкі.
Дажынкі – старажытнае народнае свята ў беларусаў, звязанае з апошнімі момантамі жніва. Суправаджалася народнымі абрадамі,танцамі, песнямі, чым былі ўдзячныя «духам нівы» за хлеб і заадно прасілі даць урадлівасць і налета.
Дажаўшы жыта, пасля абраду «завівання барады» (закручвалі пук і пакідалі яго) «для птушак» жнеі прыхарошвалі сноп кветкамі, плялі вянкі з каласоў і з песнямі ішлі ў вёску. Прыйшоўшы, аддавалі сноп гаспадарам, за што мелі смачны пачастунак ці падарункі.
Дажынкам было прысвечана шмат дажынкавых песень, якія спявалі напрыканцы жніва, вяртаючыся з поля ў вёску і на застоллі. Яны былі значна весялейшыя за жніўныя песні, бо ў апошніх спявалася пра нялёгкую працу і долю жней і іх дзяцей.
У наш час дажынкі адзначаюць як свята ўраджаю.
Пакровы.
Пакроў (Пакравы, Пакрова): 1 (14) кастрычніка — царкоўнае тлумачэнне літаральнае: пакроў (пакрывала) Божай Маці; у народнай трактоўцы паняцце атрымала больш шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды: Гаварылі, што зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю пасля Пакрова, і да вясны ніхто не можа знайсці скарбаў. Адзначаліся ад 14 кастрычніка да 27 кастрычніка. На гэтае свята размярковываліся дні паміж дзяўчатамі, а 27 кастрычніка па надвор’ю меркавалі аб характары будучай жонкі, і называлі гэты час Дзівочым летам. Пачынаючы з гэтага свята, моладзь пачынала збірацца на вячоркі, а хатнія справы спраўляліся з песнямі.
Дзяды.
Дзяды – свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў («дзядоў»). У славянскай міфалогіі «дзядамі» таксама называюць душы продкаў. У Беларусі Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія), пятроўскія, змітраўскія. Галоўныя – Восеньскія Дзяды (Змітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры), яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, Змітраўскія Дзяды і інш.).
У цэнтры абраду – вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзяды у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў. Кожны дзень тыдня меў сваё значэнне. Так субота мела быць днём ушанавання дзядоў, усіх памерлых. У гэты дзень кожны павінен быў успомніць лепшыя рысы прашчураў, аддаць ім належную павагу.
Зімовыя святкі.
Пачыналіся посля постнай куцці (6 студзеня) і завяршаліся да Вадахрышча (19 студзеня). На гэтае свята адбываліся сапраўдныя тэатралізаваныя беларускія народныя карнавалы. Пачыналіся зімовыя святкі з Каляд (7 студзеня), якія былі ў гонар зімоваго сонцазвароту і каляднага месаеду пасля Піліпаўскага посту. На гэты язычніцкі абрад наслаівалася хрысціянскае свята нараджэнне Хрыстова – свята Раства. Неад’емным рытуалам з’яўляецца ўшанаванне продкаў-дзядоў. Гэтаму прысвячалі тры ўрачыста-шанавальныя куцці: перадкалядная посная, багатая – шчодрая і вадзяная. Гэтая дзея цягнулася ад 25 снежня да 6 студзеня.